2021/2022 учебный год
Вучаніцы Лельчыцкай раённай гімназіі Казачэнка Улада і Паўлава Ганна сталі ўдзельніцамі змены-экспедыцыі ў нацыянальным дзіцячым цэнтры “Зубраня” “Маршрутамі памяці. Маршрутамі Перамогі”, якая праходзіла з 19 сакавіка па 8 красавіка бягучага года. Яшчэ да прыезду ў НДЦ “Зубраня” дзяўчаты падрыхтавалі даследчую работу пра гісторыю свайго краю па старонках дакументальна-гістарычных хронік «Памяць». Дапамаглі ім у падрыхтоўцы настаўнік гісторыі Лісіцкі У. В. і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Казачэнка І. Р.
Тэматычныя змены ў НДЦ “Зубраня” заўсёды праходзяць цікава, пазнавальна для падлеткаў. Удзельнікі патрыятычнай змены пазнаёміліся з праграмай дадатковай адукацыі “Подзвіг. Перамога. Памяць”, дзе даведаліся пра Вялікую Айчынную вайну ў лічбах, пазнаёміліся з аперацыяй “Баграціён” і яе этапамі. У час факультатыўных заняткаў паглыбілі свае веды пра памятныя гістарычныя месцы Рэспублікі Беларусь і пазнаёміліся з ленедамі, паданнямі і падзеямі сваёй Радзімы. Разгледзелі паняцце “гераічны подзвіг” і даведаліся аб прадстаўніках беларускага народа, чые імёны вядомыя ва ўсім свеце. Прынялі ўдел у літаратурнай гасціннай “Яны праславілі сваю Айчыну”.
Яркія ўражанні засталіся ад конкурсу інсцэніраванай песні “Песні ваенных гадоў”. Падлеткі не толькі паслухалі створанае кампазітарамі ў тыя гады, але і праявілі свае творчыя здольнасці: стварылі свае інсцэніроўкі песень гадоў ВАВ.
Кожны дзень змены быў насычаны мерапрыемствамі і справамі. Цікавай стала экскурсія ў этнакультурны комплекс в. Наносы. Там сямікласнікаў чакаў цікавы аповед пра гісторыю стварэння вёскі, наведванне рэканструяванага вадзянога млына. А самым цікавым у той дзень сталанаведванне майстар-класа па выпечцы хлеба па старажытным рэцэпце. Кожны змог пакаштаваць духмяны свежаспечаны хлебны акрайчык, зроблены ім самім.
“Такі розны, цікавы і карысны адапчынак” – так характарызуюць сямікласніцы 21 дзень, праведзены ў НДЦ “Зубраня”. Усе ўдзельнікі змены праявілі свае ўменні працаваць ў новам калектыве, быць камандай, слухаць і паважаць адзін аднаго, быць актыўнымі.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Лельчыцкая раённая гімназія” Казачэнка І. Р.